ХАРАВА́Я МУ́ЗЫКА,

музыка, прызначаная для выканання хорам. Існуе нар. і прафес., свецкая і культавая.

Вядома са стараж. часоў (важны элемент прац. працэсу, нар. гульняў, танцаў, абрадаў). Прафес. музыка з’явілася на позняй ступені грамадскага развіцця; яе станаўленне адбывалася ў межах свецкай і духоўнай музыкі. Цэнтрамі прафес. хар. мастацтва былі саборы, манастыры, кляштары, універсітэты і інш. Росквіту дасягнула ў эпоху Адраджэння; развілося шматгалоссе, узніклі новыя жанры свецкай (балада, мадрыгал, шансон і інш.) і духоўнай (матэт, меса, магніфікат) музыкі. Вядучая роля ў гэты перыяд належала кампазітарам франка-флам. (нідэрл.) школы (Г.​Дзюфаі, Жаскен Дэпрэ, І.​Окегем, Я.​Обрэхт, А.​Ласа і інш.). У 17—18 ст. ўзнікла оперная Х.м. (К.​Мантэвердзі, Жаскен Люлі. Г.​Пёрсел, Р.​Кайзер), сфарміраваліся жанры кантаты і араторыі (Г.​Шутц, І.​С.​Бах, Г.​Гендэль, К.​Глюк, І.​Гайдн. В.​А.​Моцарт). У 19 ст., у эпоху рамантызму, хор уводзіўся ў сімф. музыку (Г.​Берліёз, Г.​Малер); узніклі хар. мініяцюры і цыклы (Ф.​Шуберт, Р.​Шуман. І.​Брамс). У 20 ст. найб. значныя хар. творы стварылі І.​Стравінскі. А.​Анегер, П.​Хіндэміт, К.​Орф, К.​Пендарэцкі і інш. кампазітары. У рус. муз. культуры Х.м. звязана з традыцыямі правасл. спеваў a cappella (Дз.​Бартнянскі, М.​Беразоўскі). У жанры Х.м. a cappella (хар. мініяцюры, цыклы, духоўныя песнапенні і інш.) і вак.-інстр. (кантаты, араторыі і інш.) працавалі М.​Глінка, А.​Даргамыжскі, М.​Мусаргскі. С.​Рахманінаў, А.​Рубінштэйн, М.​Рымскі-Корсакаў, А.​Сяроў, С.​Танееў, П.​Чайкоўскі. Узбагацілі Х.м. новымі формамі і сучаснай муз. мовай С.​Пракоф’еў, Дз.​Шастаковіч. Р.​Шчадрын, С.​Сланімскі, В.​Салманаў, А.​Шнітке і інш.

Вытокі Х.м. Беларусі ўзыходзяць да перыяду дакіеўскай і Кіеўскай Русі, калі хар. спевы дамінавалі ў муз. фальклоры. Яна развівалася ў пастаяннай узаемасувязі лепшых традыцый слав. і зах.-еўрап. культур. Х.м. Беларусі мае характэрныя самабытныя нац. рысы. Багаты рэпертуар Х.м. ва ўсіх жанрах стварылі бел. кампазітары М.​Аладаў, А.​Багатыроў, А.​Бандарэнка, Г.​Вагнер, Л.​Захлеўны, А.​Мдывані, Ю.​Семяняка, Э.​Тырманд і інш. На развіццё значна паўплывалі хар. дырыжоры Р.​Шырма, Г.​Цітовіч, А.​Кагадзееў, В.​Роўда, М.​Дрынеўскі. Сярод вядучых хар. калектываў: акад. хор Нац. дзярж. тэлерадыёкампаніі Беларусі, Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла Рэспублікі Беларусь імя Шырмы, Дзяржаўны акадэмічны народны хор Рэспублікі Беларусь імя Цітовіча, хор Нац. т-ра оперы і інш.

Літ.:

Искусство хорового пения. М., 1963;

Асафьев Б. О хоровом искусстве. Л., 1980;

Хоровая полифония. Мн., 1981.

Л.​А.​Шымановіч.

т. 16, с. 541

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)